Дзіцячы фальклор
Дзiцячы фальклор уключае самыя розныя вуснапаэтычныя жанры славеснай i музычнай народнай творчасцi — казкi, песнi, прыпеўкi, загадкi, калыханкi, забаўлянкi, лiчылкi, скорагаворкi, заклiчкi, гульнi i iншае, складзеныя самiмi дзецьмi або дарослымi для дзяцей. У дзiцячы рэпертуар перайшлi i некаторыя творы, складзеныя дарослымi для дарослых. Жанравая разнастайнасць i асаблiвасцi дзiцячага фальклору абумоўлены функцыяй, якую ён выконвае як сродак разумовага i фiзiчнага выхавання дзiцяцi ў розныя перыяды яго жыцця. Творы дзiцячага фальклору вельмi простыя па форме i зместу, i ў iх звычайна прысутнiчае элемент займальнасцi.
Прынята дзiцячы фальклор дзялiць на некалькi груп: 1) калыханкi; 2) творы, звязаныя з гульнёй; 3) творы, не звязаныя з гульнямi i рухам. Калыханкi — адзiн з самых старадаўнiх вiдаў творчасцi; вядомы ўсiм народам. Галоўная функцыя калыханак — супакойванне дзiцяцi, каб яно хутчэй засынала, таму iх мелодыя плаўная, спакойная, рытм найболей адпавядае рытму гушканняў калыскi, змест песенек часта аблямаваны характэрнымi запевамi i прыпевамi «а-а-а», «люлi-люлi», «лялi-лялi», «баю-баю» i iнш.
Будучы старадаўняй творчасцю, калыханкi багата захавалi элементаў язычнiцтва, магii. Прырода ў iх адухоўлена, птушкi, звяры i жывёлы надзелены чалавечымi якасцямi. Часцей за ўсё ў калыханках сустракаюцца вобразы ката, мышкi, куркi, голуба, сарокi, зайкi. Характэрнай рысай калыханак з'яўляецца пачуццё пяшчоты, у iх багата матчынай ласкi i любвi, цеплынi i замiлавання дзiцем. Калыханкi хаця i манатонныя, але светлыя песнi. У iх адбiлася душа мацi, цэлая карцiна чалавечага жыцця. Гэта песнi i аб сне, якi малюецца жывой iстотай, што ў выглядзе зморанага спадарожнiка блукае па хатах, шукаючы прытулку.
У гульнёвым дзiцячым фальклоры адпаведна ўзросту дзiцяцi можна вылучыць розныя творы. Тыповую групу складаюць забаўлянкi, якiмi мацi цi бабулькi, перабiраючы пальчыкi ручак i ножак маленькiх, супакойвалi цi пацяшалi iх. Функцыя забаўлянак процiлеглая калыханкам: яны павiнны весялiць, забаўляць дзiця, узбуджаць яго, рабiць бадзёрым. Пацешкi выконвалi i вялiкую педагагiчнавыхаваўчую ролю, прывучалi дзяцей разумець дабро, быць праўдзiвымi, добрасумленнымi, працавiтьшi. Праз забаўлянкi дзецi атрымлiвалi першыя ўрокi маральнаэтычных паводзiн чалавека ў грамадстве, засвойвалi мараль, выпрацаваную народам на працягу стагоддзяў.
Найболей народная педагогiка выявiлася ў гульнях-песнях з прыпеукамi, жараб ёўкамi, лiчылкамi, скорагаворкамi. Песнiгульнi развiвалi ў дзяцей сiлу, спрыт, трапнасць, прывучалi да кемлiвасцi, увагi, разважлiвасцi, назiральнасцi; яны аб'ядноўвалi дзяцей, выпрацоўваючы ў iх пачуццё сяброўства, таварыскасцi, калектывiзму i справядлiвасцi. Песнiгульнi мелi велiзарнае значэнне ў мастацка-спартыўным выхаваннi дзяцей.
Дзiцячыя песнi тэматычна вельмi разнастайныя, што абумоўлена iх функцыяй i паходжаннем. Асаблiва вылучаюцца жартоўныя песнi i песнi-небылiцы, якiя ў сваiх вытоках узыходзяць да фальклору дарослых — песень сацыяльных, сямейна-бытавых, хрэсьбiнных, гумарыстычных i сатырычных твораў. Дзiвосны свет птушак, жывёл, звяроў, якiмi населена жартоўна-сатырычная песнятворчасць, захапляў дзяцей неверагоднасцю падзей, незвычайнасцю паводзiн персанажаў. Параўноўваючы, супастаўляючы незвычайнасць цi недарэчнасць паводзiн фальклорных персанажаў з акаляючай рэчаiснасцю, дзецi, такiм чынам, уцягваюцца ў працэс актыўнага мыслення: самастойна адкрываюць, устанаўлiваюць заканамернасцi, лагiчную сувязь рэчаў, iх рэальны стан.
Творы, не звязаныя з гульнёй, уласна, таксама гульнёвыя творы. Iншая справа, што ў iх увага накiравана не на рухi i дзеяннi, а на выяўленне сэнсу, зместу. Характэрнымi для пазагульнёвага фальклору з'яўляюцца заклiчкi, кароценькiя вершыкi, песенькi, прыгаворкi, з якiмi дзецi звяртаюцца да сонца, дажджу, вясёлкi, ветра, раслiн, жывёл i г. д. У iх, як i ў калыханках, прыкметна захавалiся элементы магii, сляды язычнiцтва.
Скорагаворкi i лiчылкi — гэта чыста славесныя гульнi. Характэрнай рысай уласна гульняў з'яўляецца тое, што яны цесна звязаны з вытворчай дзейнасцю чалавека i асаблiва з яго земляробчай дзейнасцю. Класiфiкацыя гульняў яшчэ канчаткова не выпрацавана, бо iх можна дзялiць у залежнасцi i ад зместу, i ад формы, i ад колькасцi ўдзельнiкаў. У апошнiх працах беларускiх даследчыкаў прапануецца дзялiць дзiцячы фальклор на два раздзелы: гульнi як мастацка-драматычнае дзеянне i гульнi як сродак фiзiчнага выхавання.
Дзiцячыя гульнi — жывая фальклорная з'ява. I раней i зараз яны перажываюць пастаянныя змены (пад уплывам часу, грамадскага i сямейна-бытавога ўкладу), якiя адбiваюцца на iх бытаваннi, функцыi i змесце.